ФРАНЦЫ́СК I (François; 12.9.1494, г. Каньяк, Францыя — 31.3.1547),

французскі кароль [1515—47]. З дынастыі Валуа. Праводзіў палітыку па ператварэнні Францыі ў абсалютную манархію. Гал. органам кіравання зрабіў каралеўскі савет, у правінцыях увёў ген. намеснікаў і кантраляваў дзейнасць губернатараў, абмежаваў правы парламента, даходы каралеўскага дамена зліў з дзярж. падаткамі, якія значна павялічыў. Стварыў пастаянную армію. Дамогся незалежнасці франц. царквы ад Ватыкана. У 1535 і 1540 выдаў эдыкты аб праследаванні кальвіністаў як ератыкоў. У 1532 далучыў Брэтань. У Італьянскіх войнах 1494—15 59 перамог у 1515 пры Марыньяна і заняў Мілан; у выніку паражэння ад арміі імператара Карла V (1525) трапіў у палон і падпісаў зневажальны для Францыі Мадрыдскі дагавор (1526). Пасля вяртання ў Францыю (1526) заключыў саюз (Каньякскую лігу) з папам Кліментам VII, Венецыяй і герцагам Мілана, аднавіў ваен. дзеянні (1527—29). У 1530 засн. гуманістычны ун-т (з канца 18 ст. Калеж дэ Франс).

т. 16, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)